Дадзены інтэр’ер стаў для нашай студыі прыемным выпрабаваннем, бо раней мы не працавалі ў такім стылі. Запыт на эклектычны дызайн зыходзіў ад маладой пары замоўцаў, якія былі ўлюблёныя ў шматлікія дэталі інтэр’ераў, але не ўяўлялі як спалучаць іх у адной кватэры. У працэсе праектавання мы набылі неацэнны досвед і адкрылі для сябе шмат новага.
Інтэр’ер кватэры насычаны разнастайнымі дызайнерскімі элементамі мэблі, асвятлення і дэкору. Карціны, якімі аформлена прастора, ужо былі ў замоўцаў у папярэдняй кватэры і знайшлі сваё месца ў новай.
Змешванне стыляў і багацце колеру – адметная рыса дадзенага дызайну кватэры ў Новай Баравой. У аздабленні прысутнічае смелае спалучэнне грубага маналітнага бетону на перакрыцці і акуратных пафарбаваных сцен з молдынгамі і карнізамі. У якасці падлогавых пакрыццяў выкарыстаны вініл INVICTUS з нестандартнай раскладкай, дробнафарматная плітка 41ZERO42 і мікрацэмент.