Lipki

Архітэктары: Вікторыя Прыхач, Раман Ракуць, Алег Калянковіч, Аляксей Гнацюк
Месца: Lipki Village, г. Смалявічы, Беларусь
Плошча: 134,77 м.кв.
Год: 2024

Дызайн інтэр’еру дома з другім святлом у катэджным пасёлку Lipki Village ў горадзе Смалявічы.

Праект распрацоўваўся для цудоўнай сям’і з трох чалавек, якая вырашыла памяняць шумны горад на мернае жыццё ў катэджным пасёлку. Планіроўка дома цалкам адпавядае пажаданням сям’і: тут ёсць агульная прастора кухні-сталовай і гасцёўні з другім святлом, два спальныя пакоі, два санітарныя вузлы і кабінет для працы.

Асноўным запытам для нас пры праектаванні было стварэнне цёплай і ўтульнай атмасферы ў дызайне інтэр’еру. Натуральныя матэрыялы і прыродныя колеры сталі галоўнымі сродкамі для дасягнення выніку. У інтэр’еры пераважаюць тэкстуры дрэва і камення, а дзякуючы нанясенню дэкаратыўнай тынкоўкі OIKOS на сцены і столі ўзнікае адчуванне абцякальнасці прасторы. На кухні і ў санітарных вузлах ужыта каляровая дробнафарматная плітка EQUIPE, што робіць інтэр’ер больш жывым і індывідуальным.

Акцэнтамі гасцёўні з’яўляюцца камін і велізарная плеценая свяцільня, якая запаўняе аб’ём і падкрэслівае, што гэта дом з другім святлом. У сталовай зоне крыніцамі святла з’яўляюцца дзве падвесныя свяцільні ручной працы ад беларускага брэнда ZBOZHZHA.

Instagram: goodproject